Мноства пытанняў паўстае перад кожным маладым педагогам. З чаго пачаць? Што сказаць вучням ці выхаванцам пры першай сустрэчы? Як выбудаваць узаемаадносіны з дзіцячым калектывам і знайсці падыход да кожнага? Як зрабіць бацькоў дзяцей сваімі саюзнікамі? Як прызвычаіцца да новай сваёй ролі? Яны баяцца, што вучні не будуць успрымаць іх усур'ёз, баяцца аказацца з дзецьмі на розных хвалях, не ведаюць, як прымуць іх старэйшыя калегі.
Насамрэч, ці заўсёды школа гатова прыняць маладога педагога пакалення «nехt»? Для старэйшых калег па прафесіі і для адміністрацыі школы малады настаўнік — часта такі ж дзіўны і незразумелы чалавек, як, скажам, сучасны старшакласнік. Ды і па ўзросце ён ад адзінаццацікласніка не моцна адрозніваецца. Натуральна, малады спецыяліст здзяйсняе шмат прафесійных памылак, ён менш дасведчаны, чым яго калегі, якія працуюць у школе ўжо не першы год. Да таго ж яму не заўсёды хапае ведаў па прадмеце, методыцы выкладання, навыках узаемадзеяння з вучнямі. Аднак замест слоў падтрымкі часта ў яго адрас гучаць крыўдныя пытанні: «І чаму вас толькі ва ўніверсітэце вучылі?» ці «Вы нават ГЭТАГА не ведаеце?» і г. д. А маладому настаўніку — прадстаўніку новага пакалення — неабходны поспех, кар'ера, прызнанне. І як жа важна не расчаравацца ў сваёй прафесіі ўжо на першых кроках.
Што значыць быць маладым педагогам? Пра гэта шмат разважалі ўдзельнікі Рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют», фінал якога праходзіць гэтым днямі ў беларускай сталіцы.
Чытаць цалкам - ЗВЯЗДА